Я́СКА-КІШЫНЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
стратэгічная наступальная аперацыя сав. войск 2-га Укр. (камандуючы ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і 3-га Укр. (камандуючы ген. арміі Ф.Х.Талбухін) франтоў ва ўзаемадзеянні з караблямі Чарнаморскага флоту, Дунайскай ваен. флатыліі ў Вял. Айч. вайну 20—29.8.1944. Мэта аперацыі — акружыць і ліквідаваць у р-не Ясы, Кішынёў, Бендэры ням.-фаш. і рум. войскі групы армій «Паўд. Украіна» (камандуючы ген.палк. Г.Фрыснер). Для правядзення аперацыі з сав. боку прыцягвалася 1,25 млн. чал., 16 тыс. гармат і мінамётаў, 1870 танкаў і самаходных артыл. установак, 2200 баявых самалётаў (з улікам авіяцыі флоту). Ім процістаялі 900 тыс. чал., 7,6 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 400 танкаў і штурмавых гармат пры падтрымцы 810 ням. і рум. самалётаў. У складзе сав. войск знаходзілася 1-я рум. добраахвотніцкая пях. дывізія імя Т.Уладзімірэску. Дзеянні франтоў каардынаваў Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка. 20 жн. войскі 2-га Укр. фронту з раёна на ПнЗ ад Ясаў, а войскі 3-га Укр. фронту з раёна Ціраспаля пачалі наступленне. Да 23 жн. завершана аператыўнае акружэнне кішынёўскай групоўкі войск праціўніка (18 ням. дывізій) і 3-й рум. арміі, якая на наступны дзень спыніла супраціўленне. 23 жн. пачалося Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944. Румынія выйшла з вайны на баку фаш. блока і 24 жн. абвясціла вайну Германіі. Працягваючы наступленне, сав. войскі да 29 жн. разграмілі 22 ням. дывізіі. У выніку Я.-К.а. вызвалена ўся Малдавія, Румынія выступіла на баку саюзнікаў па антыгітлераўскім блоку; настаў крах ням. абароны на паўд. крыле сав.-герм. фронту, карэнным чынам змянілася ваен.-паліт. становішча на Балканах на карысць саюзнікаў. За гераізм у час аперацыі ў ліку іншых ураджэнцам Беларусі А.В.Петрушэўскаму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, а С.Ф.Шутаў стаў Героем Сав. Саюза ў другі раз.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1978. Т. 9. С. 97—100;
Ясско-Кишиневские Канны. М., 1964;
Антосяк А.В. В боях за свободу Румынии. М., 1974;
История войн. Ростов н/Д;
М., 1997. Т. 3. С. 176.
В.А.Юшкевіч.
т. 18, кн. 1, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)